У Кінаніі адбылася святочная літургія ў дзень памяці прп. Фёдара Астрожскага

У Кінаніі адбылася святочная літургія ў дзень памяці прп. Фёдара АстрожскагаПа традыцыі 24 жніўня, у дзень памяці прападобнага Фёдара Астрожскага, у дамовым храме, асвячоным у яго гонар у Брацкім доме «Кінанія», што ў Калодзішчах пад Мінскам, адбылася святочная літургія, якую сёлета ўзначаліў клірык мінскага Свята-Петра-Паўлаўскага сабора протаіерэй Мікалай Багдановіч.


Прападобны Фёдар, князь АстрожскіПрападобны Фёдар, князь Астрожскі (+1438), быў далучаны да Сабору Беларускіх святых у 2002 г. Ён асабліва ўшаноўваецца як прадстаўнік славутага роду князёў Астрожскіх, унёсак якіх у справу захавання і ўмацавання Праваслаўнай Царквы на беларускіх і ўкраінскіх землях немагчыма пераацаніць.

Па заканчэнні літургіі протаіерэй Мікалай звярнуўся да прысутных з пропаведдзю і адзначыў, што сёння надзвычай важна не толькі захоўваць сваю веру, але ўважліва і паслядоўна кіравацца ёю ва ўсіх сваіх паўсядзённых справах і ўчынках. Такім узорам вызнання веры з’яўляецца прападобны Фёдар Астрожскі, які, будучы яшчэ дзяржаўным дзеячам, усяляк імкнуўся абараніць інтарэсы Праваслаўнай Царквы, а пазней, прыняўшы манаства, шчыра здзяйсняў подзвіг дабрадзеяння, пакоры і набожнасці.

протаіерэй Мікалай Багдановіч

Акрамя таго айцец Мікалай, які некалькі гадоў служыў святаром на Гомельшчыне, пазнаёміў удзельнікаў урачыстасцей з духоўнымі і гістарычнымі адметнасцямі храмаў горада Рэчыцы, распавёў пра надзвычай цікавы выпадак, калі ў часы ганенняў на Царкву ў 1970-я гады айцец Пётр Латушка, нягледзячы на шматлікія перашкоды, здолеў пабудаваць храм у Рэчыцы, прытым, усяго за тры дні.

З цікавасцю ўдзельнікі сустрэчы выслухалі расповед госця з Беласточчыны, беларуса, карэннага жыхара Бельска-Падляшскага, спадара Дарафея Фіёніка. Ён з’яўляецца стваральнікам Музея малой Айчыны “Студзіводы” у Бельску-Падляшскім, а таксама галоўным рэдактарам краязнаўча-культурнага часопіса «Бельскі гостінэць». Спадар Фіёнік – вядомы збіральнік і папулярызатар беларускага фальклору ў Польшчы, арганізатар штогадовых фальклорных фестываляў з удзелам калектываў з Беласточчыны і Беларусі. Прысутныя даведаліся таксама і пра асветніцкую дзейнасць беларусаў Польшчы, пазнаёміліся з асобнымі выданнямі, якія выйшлі апошнім часам на роднай мове.

Дарафей Фіёнік

На завяршэнне сустрэчы Таццяна Матрунчык пазнаёміла прысутных з кніжнымі навінкамі выдавецкага аддзела брацтва ў гонар Віленскіх мучанікаў у Мінску.

Кастусь Антановіч

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.