3 снежня быў асвечаны памятны знак у гонар 430-годдзя выдання Астрожскай Бібліі

3 снежня быў асвечаны памятны знак у гонар 430-годдзя выдання Астрожскай Бібліі3 снежня Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт асвяціў у в. Тарасава памятны знак у гонар 430-годдзя выдання Астрожскай Бібліі. Брацтва ў гонар Віленскіх мучанікаў было адным з ініцыятараў стварэння гэтага памятнага знака, разам з прыходам Нараджэння Прасвятой Багародзіцы в. Тарасава. Аўтар кампазіцыі – скульптар Міхась Інькоў.

Сімвалічна, што помнік размешчаны непадалёк ад будучага Цэнтра праваслаўнай культуры імя дабравернага князя Канстанціна Астрожскага, што плануецца ўзвесці на тэрыторыі храма Нараджэння Прасвятой Багародзіцы.

Цырымоніі асвячэння памятнага знака папярэднічала архірэйская літургія на чале з Мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам, на якой зусім не выпадкова прысутнічалі ваеннаслужачыя пагранічных войскаў Рэспублікі Беларусь. Як вядома, не першы год адбываецца актыўнае ўзаемадзеянне паміж Царквой і Дзяржавай, у тым ліку Беларускай арміяй. Сведчаннем таму стала атрыманне з рук Уладыкі Філарэта царкоўных узнагарод ваеннаслужачымі і свяшчэннікамі, якія прымаюць актыўны ўдзел у рэалізацыі падпісанага ў 2003 годзе пагаднення аб супрацоўніцтве паміж пагранічнымі войскамі Рэспублікі Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквой. Уручэнне ўзнагарод адбылося ў храме адразу па заканчэнні богаслужэння.

“Шчыра спадзяюся, што плённае супрацоўніцтва паміж Царквой і пагранічнымі войскамі будзе і надалей ажыццяўляцца ў духу аднадумства, накіраванага на зацвярджэнне духоўных і маральных асноў нашага войска, якое знаходзіцца пад малітоўнай апекай Царквы,” — падкрэсліў у сваім прывітальным слове Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт.

Асвячэнне памятнага знака

У сваю чаргу, старшыня Дзяржпагранкамітэта генерал-маёр Ігар Рачкоўскі нагадаў, што пры частках органаў пагранслужбы ўжо дзейнічаюць два храмы: у Смаргонскай групе і Лідскім атрадзе. Акрамя таго адбываецца будаўніцтва царквы ў Брэсцкай пагранічнай групе. Генерал Рачкоўскі адзначыў, што для чалавека ў пагонах вельмі важным з’яўляецца менавіта духоўная апека. Старшыня Дзяржпагранкамітэта перакананы, што “моцнага духу ў воінаў без веры не бывае”. Таму стаў ўжо добрай традыцыяй штогадовы абыход пагранічнікамі з благаславення Уладыкі Філарэта абыходзяць (а часам і аблёт на верталёце!) дзяржаўнай мяжы нашай краіны з беларускімі святынямі, у тым ліку, крыжам Еўфрасінні Полацкай, Жыровіцкай іконай Божай Маці.

Сапраўднай святыняй для беларусаў, як і для ўсіх славян, з’яўляецца Астрожская Біблія — першае поўнае друкаванае выданне Бібліі на царкоўнаславянскай мове. Як падкрэсліў доктар філалагічных навук, прафесар Іван Чарота, гэтае выданне для свайго часу мела шмат унікальных адметнасцей. Да прыкладу, у кнізе выкарыстана звыш 3 мільёнаў знакаў, больш за 30 набораў, 6 разнастайных шрыфтоў. І што самае галоўнае, на думку доктара філалагічных навук, у 16 ст. гэтая кніга была фактарам яднання ўсіх праваслаўных славян. Па словах Івана Чароты, асвячэнне і адкрыццё памятнага знака закладае і пачатак асветніцкаму Цэнтру праваслаўнай культуры ў колішнім маёнтку дабравернага князя Канстанціна Астрожскага, што “з’яўляецца вялікай справай не толькі для прыхаджанаў царквы ў вёсцы Тарасава, але і для ўсяго беларускага народа”.

Згодны з гэтай думкай і настаяцель храма Нараджэння Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Тарасава, протаіерэй Сергій Кузьмянкоў. Па словах свяшчэнніка, ідэя стварэння Цэнтра праваслаўнай культуры з’явілася некалькі гадоў таму падчас святкавання 400-годдзя памяці дабравернага князя Канстанціна Астрожскага. Тады ўдзельнікі і госці ўрачыстасцей адзначалі, што цягам апошняга стагоддзя гэтая вялікая гістарычная постаць была беспадстаўна забыта. У выніку аднаўлення ўшанавання памяці дабравернага князя, як адзначыў а. Сергій, з 2009 года ў межах праваслаўнага прыхода вёскі Тарасава праводзяцца “Астрожскія чытанні”, у якіх прымаюць удзел, што вельмі сімвалічна, і курсанты Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь.

Намеснік упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Уладзімір Ламека, які прысутнічаў на адкрыцці і асвячэнні памятнага знака, адзначыў, што яму, як і ўсім праваслаўным славянам, асоба Канстанціна Астрожскага вельмі дарагая і блізкая. На яго прыкладзе варта выхоўваць маладое пакаленне. Вельмі прыемна бачыць у вачах моладзі, якая прысутнічала на ўрачыстай літургіі, усвядомленае імкненне да духоўных каштоўнасцей і высокай маральнасці, а гэта добрая падстава для аптымізму.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.