Напярэдадні 400-годдзя са дня памяці прп. Сафіі Слуцкай Сінод звярнуўся да вернікаў

Напярэдадні 400-годдзя са дня памяці прп. Сафіі Слуцкай Сінод звярнуўся да вернікаў1 красавіка споўніцца 400 год са дня спачыну праведнай Сафіі, княгіні Слуцкай. У сувязі з гэтым святам, Сінод Беларускай Праваслаўнай Царквы звярнуўся да вернікаў з пасланнем:

Няхай упрыгожанне ваша будзе не знешняе: заплятанне валасоў,
аздабленне ў золата ці нашэнне ўбораў,
а патаемны сэрца чалавек
у нятленнасці лагоднага і маўклівага духу,
што мае вялікую вартасць перад Богам.
(1 Пят. 3, 3-4)

Узлюбленыя ў Госпадзе пачэсныя пастыры, інакі і інакіні і ўся
богалюбівая беларуская паства!

Святыя ўгоднікі Божыя яўляюць свету прыгажосць Хрыстовай Царквы. Прыгажосць гэтая шматгранная, таму што Бог, як крыніца ўсякага дабра, бязмерна пралівае благадаць на верных дзяцей Сваіх. Прыклад жыцця святых, іх нябеснае заступніцтва не перастаюць аказваць на нас выратавальнае ўздзеянне. Да сёння яны, знаходзячыся ў хорамах Царства Нябеснага, з’яўляюцца для нас — іх родных па плоці і духу — светлымі вобразамі для пераймання, увасабленнем любові да Бога, узорам праведнасці, міласэрнасці, клопату пра лёс сваёй Бацькаўшчыны.
Беларуская зямля ўзрасціла многіх падзвіжнікаў набожнасці, якія заслужана лічацца нябеснымі заступнікамі нашага народа. Сёння мы асабліва ўсхваляем святую праведную Сафію, княгіню Слуцкую.
«Па імені і жыціе» — у гэтых словах адлюстроўваецца глыбокі вопыт Царквы і народа, вопыт распазнання прадвыбранасці да хрысціянскага подзвігу. Сафія азначае прамудрасць. Чатырыста гадоў таму Слуцкая князёўна засведчыла сваю вернасць Праваслаўю сапраўды богадараванай мудрасцю, успадкаванай ад сваіх набожных продкаў. Яна зразумела марнасць зямных дабротаў, скіроўваючы духоўны позірк да Горняга, па словах Спасіцеля: “дзе скарб ваш, там будзе і сэрца ваша”(Мф. 6, 21).
Святая праведная Сафія паходзіла з роду князёў Слуцкіх Алелькавічаў. Прадстаўнікі гэтага старажытнага роду вызначаліся сваёй вернасцю праайцоўскай праваслаўнай веры, выяўлялі высокія ўзоры грамадскай доблесці і царкоўнай набожнасці. Дзякуючы князям Алелькавічам, Слуцкае княства набыло значэнне вядомага духоўнага і культурнага цэнтра. Набожныя Слуцкія князі садзейнічалі ўзвядзенню праваслаўных храмаў і манастыроў, надзяляючы іх шчодрымі ахвяраваннямі і рознага роду міласцямі. Родны бацька праведнай Сафіі, князь Слуцкі і Капыльскі Юрый Юр’евіч Алелькавіч, быў вядомы як апякун і ктытар многіх праваслаўных святынь, у тым ліку Свята-Успенскай Кіева-Пячэрскай Лаўры. Вядома, што ён ахвяраваў Благавешчанскай царкве Свята-Троіцкага Слуцкага манастыра ўласнаручна перапісанае напрастольнае Евангелле, якое было аднойдзена ўжо ў нашы дні.
Святая праведная Сафія рана страціла бацькоў і была аддадзена пад апеку родзічаў. Хоць яна была пазбаўлена бацькоўскага клопату і апекі, але дзіўным чынам успадкавала ад сваіх продкаў любоў да хрысціянскіх дабрадзейнасцяў. Свой шлях да славы горняга звання яна здзейсніла ў адпаведнасці са словамі Свяшчэннага Пісання: «праз многія пакуты належыць нам увайсці ў Царства Божае» (Дзеян. 14, 22).
Яшчэ ў падлеткавым узросце, згодна з воляй апекуноў, юная князёўна ўступіла ў шлюб з князем Янушам Радзівілам, які знаходзіўся па-за выратавальнай агароджай Святога Праваслаўя. Далейшы духоўны шлях праведнай Сафіі стаў крыжовым шляхам ахвярнасці і самаадрачэння. «Не жадаю хваліцца, — гаворыць апостал Павел, — адно што крыжом Госпада нашага Іісуса Хрыста, якім дзеля мяне свет распяты, і я для свету» (Гал. 6, 14).
Звяртаючы ўнутраны позірк на вобраз нашай праведнай суайчынніцы, мы бачым, што не толькі набожная сямейная традыцыя, але і Божае натхненне, што зарадзілася ў сэрцы Сафіі, сталі крыніцай яе богаўгодных зямных спраў і падзвіжніцкіх клопатаў. Такім чынам, жаданне чалавечага сэрца пераўтварылася ў ёй у богадараваную дабрадзейнасць. Па слову апостала Паўла: «бяда спараджае цярплівасць, а цярплівасць вопытнасць, а вопытнасць надзею, надзея ж не сароміць, таму што любоў Божая вылілася ў сэрцы нашы Духам Святым, дадзеным нам» (Рым. 5, 3-5).
У смутную эпоху, на якую прыйшлося дзяцінства і юнацтва Сафіі, многае з таго, у што яна свята верыла, было зняважана. У 1596 годзе ў Брэсце была заключана унія. Многія вядомыя прадстаўнікі праваслаўнай знаці адракліся ад сваёй праайцоўскай веры, жадаючы ўладкавацца ў новых рэлігійна-палітычных абставінах. Праведная Сафія была апошняй з роду князёў Алелькавічаў. На ёй адной ляжала адказнасць за выкананне запавету бацькі, згодна з якім нашчадкі «… заўсёды павінны заставацца вернымі Праваслаўю…» Выконваючы бацькоўскі запавет, праведная Сафія накіравала ўсю сваю любоў на захаванне і ўмацаванне Праваслаўя ў Слуцкім краі. 
Княгіня аказвала матэрыяльную і маральную падтрымку духавенству і жыхарам горада Слуцка, Пра­абражэнскаму брацтву, у справах якога яна прымала асабісты ўдзел. Яна ахвяравала ўласнаручна вышытыя золатам царкоўныя рызы і святарскія аблачэнні, выдаткоўвала сродкі для пабудовы храмаў, здзяйсняла паломніцтвы ў асобныя цэрквы ў дні храмавых святаў. Прыклад яе служэння пераконвае, што і ва ўмовах смуты можна захаваць чыстату жыцця, вернасць евангельскім ідэалам і адданасць бацькоўскай веры.
Нядоўга, аднак, судзіў Гасподзь жыць на зямлі праведнай княгіні. Слабое здароўе, шматлікія клопаты і нягоды, якія давялося ёй зазнаць, сталі прычынай смерці, якая наступіла пры нараджэнні дачкі-немаўляткі. Але гэта, паводле слова апостала Паўла, былі тыя нягоды, праз якія «належыць нам увайсці ў Царства Божае» (Дзеян. 14, 22).
 Цела праведнай княгіні знайшло спачын у галоўным храме Свята-Троіцкага Слуцкага манастыра, у спецыяльна вырабленай грабніцы, пад фамільнай іконай Пакрова Прасвятой Багародзіцы. У памяць пра набожную супругу князь Януш працягваў падтрымліваць у Слуцкіх уладаннях Праваслаўе, пацвярджаючы сваімі граматамі тыя царкоўныя традыцыі, якія былі завешчаны княгіняй Сафіяй. У адной з грамат, у прыватнасці, пісалася: «каб цэрквы, архімандрыты, ігумены, манастыры і брацтвы ў княстве Слуцкім і іншых маіх уладаннях на вечныя часы непарушна, без усякай перамены былі ахаваныя ў поўнай свабодзе свайго богаслужэння… унія ў царкве не павінна ўводзіцца ніякім гвалтоўным або падманным шляхам».
І не выпадкова, што пры надыходзе спрыяльных часоў менавіта Слуцк стаў кафедрай першых Мінскіх архіерэяў; тут жа бяруць свой пачатак і Мінскія духоўныя школы.
Глыбокае ўшанаванне праведнай Сафіі як святой заступніцы веры праваслаўнай пачалося адразу пасля яе блажэннага спачыну. Гасподзь, Які бачыць таемнае і аддае на яве, праславіў святую княгіню Слуцкую нятленнем цела і цудатварэннямі каля яе грабніцы. Яе ўшанаванне народам Божым не аслабела за стагоддзі і працягваецца сёння. У памяці царкоўнай захоўваюцца шматлікія выпадкі цудадзействаў, ацаленняў і разнастайных міласцяў па малітвах святой. 
Вобраз праведнай Сафіі Слуцкай, жанчыны-міранкі, якая ў цішыні сэрца пранесла любоў да Царквы ў цяжкіх гістарычных умовах, надае і нам сілу суцяшаць — нягледзячы на асабістыя крыўды; несці духоўную радасць — нягледзячы на нягоды зямнога жыцця; любіць — нягледзячы на жорсткасць сэрцаў.
У старажытнай Царкве святымі называлі сваіх братоў і сясцёр усе хрысціяне, і магчымасць жыць свята была відавочна кожнаму. З тых часоў і да сёння заклікае нас апостал Пётр: «Будзьце святымі ва ўсіх учынках»! (1Пят. 1, 15). Мы пакліканы да святасці, бо ў ёй — адзіны сэнс існавання несмяротнай душы чалавека. Будзем памятаць ва ўсякі час свайго жыцця, што «міласць… Гасподняя ад веку і да веку на тых, хто баіцца Яго, і праўда Яго на сынах сыноў, якія захоўваюць запавет Яго і выконваюць запаведзі Яго» (Пс. 102, 17–18), і ўзнясём падзяку Стваральніку і Богу нашаму.
Малітвамі святой праведнай Сафіі, княгіні Слуцкай, Госпадзі, насадзі ў сэрцах нашых жывую веру, цвёрдую надзею, некрывадушную любоў! Амінь!
Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.