Выдадзены пераклад І. Чароты кнігі “Параскева: крыж у пустыні” Ліляны Хаб’янавіч Джуравіч

Выдадзены пераклад І. Чароты кнігі "Параскева: крыж у пустыні" Ліляны Хаб’янавіч ДжуравічДнямі была выдадзена кніга Ліляны Хаб’янавіч Джуравіч "Параскева: крыж у пустыні" на беларускай мове. Пераклад з сербскай мовы здзейсніў Іван Чарота. Раман прысвечаны жыццю адной з самых шанаваных сербскіх святых – прападобнай Параскевы, памяць якой адзначаецца 14/27 кастрычніка. Свой духоўны подзвіг прападобная здзейсніла, правеўшы сорак гадоў самотнага, аскетычнага жыцця ў пустыні.

Выданне падрыхтавана Брацтвам у гонар Віленскіх мучанікаў Антонія, Іаана і Яўстафія ў г. Мінску.

Ліляна Хаб’янавіч Джуравіч (нар. 1953, Крушавац, Сербія) — шырока прызнаная сербская пісьменніца, аўтар кніг «Вядомая птушка» (1991), «Ана Марыя не кахае мяне» (1991), «Вярба» (1994), «Жаночае радаслоўе» (1996), «Паўлінава пяро» (1999), «Петкана» (2001), «Гульня Ангелаў» (2003), «Усіх скрушных радасць» (2005), «Запіс душы» (2007), «Вада з каменя» (2009), «Ззянне ў воку зоркі» (2012).

Ліляна Хаб’янавіч Джуравіч

Паводле інфармацыі Міжнароднага біяграфічнага цэнтра (Кембрыдж), за мінулае дзесяцігоддзе яе творы (разам з творамі Добрыцы Чосіча) увайшлі ў катэгорыю найбольш папулярных на радзіме аўтара, а таксама былі перакладзены на балгарскую, венгерскую, грэчаскую, італьянскую, македонскую, румынскую, рускую, украінскую, французскую, харвацкую, чэшскую мовы. На рускай мове, дарэчы, выйшлі ўжо тры яе кнігі.

Творы Л. Хаб’янавіч Джуравіч у Сербіі шэсць разоў адзначаліся як «Залаты бестселер» і тры разы як «Спецыяльны залаты бестселер». Пісьменніца атрымала больш за дваццаць розных узнагарод, сярод якіх «Залатое звяно» Культурна-асветнага таварыства Бялграда за 2008 год, прэмія Вука (Караджыча) за 2009 год, «Залаты Віцязь» (Другі літаратурны форум пісьменнікаў славянскіх краін — Расія, 2011). Сінод Сербскай Праваслаўнай Царквы ў 2007 годзе ўзнагародзіў яе ордэнам святога Савы Сербскага.

Такое прызнанне творчасці гэтай аўтаркі ніяк не можа лічыцца выпадковым ці залежным ад часовых, зменлівых крытэрыяў. Справа ў тым, што Л. Хаб’янавіч Джуравіч свае творы апошняга часу прысвячае якраз вечнаму і нязменнаму: яна сама імкнецца і заклікае іншых рухаецца насустрач Духу. Другая істотная акалічнасць — тое, што сербы і ў ХХ стагоддзі не проста захавалі, але і надзвычай плённа развівалі традыцыі духоўнай літаратуры – прычым такой, якая адрасуецца самым шырокім колам чытачоў. Дастаткова згадаць такіх сусветна вядомых пісьменнікаў, як свяціцель Нікалай (Веліміравіч) і прападобны Іусцін (Попавіч). Маючы іх спадчыну як узор і ўлічваючы запатрабаванні сваіх сучаснікаў, асабліва маладых, Л. Хаб’янавіч Джуравіч знайшла сваю, як цяпер кажуць, парадыгму творчасці. Азначаючы коратка жанр шэрагу яе твораў — у тым ліку і рамана, які прапаноўваецца беларускім чытачам — можна назваць іх «белетрызавай агіяграфіяй». Але ў гэтым азначэнні галоўным застаецца другі складнік: агіяграфія, г.зн. апісанне святасці.

Вось і перад намі не што іншае, як «Жыціе святой прападобнай Параскевы». Толькі напісана яно не ў ІІ ці ХІІ стагоддзях і не паводле даўніх канонаў, а з улікам свядомасці людзей стагоддзя ХХІ. І ў гэтым плане твор шаноўнай сербскай калегі можа быць узорам для беларускіх пісьменнікаў, якія ставяць альбо будуць ставіць сабе падобныя мэты.
Твор гэты друкаваўся ў часопісе «Полымя» (№№ 4–11 за 2011 год). Хочацца верыць, што чытачы ад знаёмства з ім атрымаюць духоўную карысць і радасць.

 

Ад перакладчыка

 

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.